СТЭ́ФАН III ВЯЛІ́КІ (Stefan III cel Mare; ? — 2.8.1504),
гаспадар (князь) Малдаўскага княства з 1457, палкаводзец. Праводзіў палітыку ўмацавання цэнтр. улады, задушэння баярскай апазіцыі. У 1467 разбіў армію венг. караля Мацьяша Хуньядзі, які ўварваўся ў Малдову. 17.1.1475 каля г. Васлуй (цяпер у Румыніі) на чале малд.-венг.-польскага войска (47 тыс. чал.) разграміў тур. армію (120 тыс. чал.), але паражэнне ад туркаў у 1476 прымусіла яго прызнаць залежнасць Малдовы ад Турцыі. Абапіраючыся на саюз з Маскоўскім вял. княствам (яго дачка Алена была нявесткай вял. кн. Івана III) заключыў мір з Крымскім ханствам (1492) і распачаў вайну супраць польскага. караля Яна Ольбрахта, які імкнуўся аднавіць былую васальную залежнасць Малдовы ад Польшчы. У бітве ў Казьмінскім лесе (Букавіна) 26.10.1497 разбіў польскае войска. Гэтае паражэнне, а таксама ініцыіраванае Стэфанам тур. ўварванне ў Польшчу, патрабаванні венг. караля Уласла II (Уладзіслава II) і Івана III прымусілі Яна Ольбрахта спыніць агрэсію супраць Малдовы. У 1499 Польшча і Турцыя прызналі яе незалежнасць. С. III В. — герой малд. нар. песень і паданняў. У Кішынёве яму пастаўлены помнік.
М.Г.Нікіцін.
т. 15, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)